Трэба ацэньваць кожную канкрэтную сітуацыю — ЕК пра забарону на ўезд аўто з РБ
Уезд у краіны Балтыі на беларускіх аўто забараняюць
Кампетэнтныя нацыянальныя органы "павінны ацэньваць кожную канкрэтную сітуацыю і прымяняць забароны і выключэнні адпаведным чынам, добрасумленна і ў каардынацыі адзін з адным". Так адказала "Позірку" прэс-сакратар Еўрапейскай камісіі па пытаннях фінансавых паслуг, фінансавай стабільнасці, падаткаабкладанне і мытні Франчэска Дальбоні, каментуючы сітуацыю з абмежаваннямі для беларускіх аўто на ўезд у краіны ЕС.
У яе каментары гаворыцца, што пакет санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі люстрана адбівае некаторыя з захадаў, ужо ўведзеных супраць Расіі. А гэта ў сваю чаргу робіць санкцыі ЕС супраць Расеі больш эфектыўнымі.
"Сярод іншага, зноў прынятыя санкцыі ЕС накіраваныя на тое, каб не даць рэжыму Лукашэнкі дыверсіфікаваць крыніцы даходаў, што дазваляе яму ўдзельнічаць у расійскай агрэсіі супраць Украіны", — падкрэслівае Дальбоні. Яна заяўляе, што забарона на імпарт аўтамабіляў з Беларусі ў ЕС зніжае гандлёвыя даходы беларускай эканомікі.
Паводле прадстаўніцы Еўракамісіі, пад выключэнне трапляе транспарт для гуманітарных мэтаў, дыпламатычны, а таксама "асабістага карыстання грамадзянамі ЕС і членамі іх сем'яў, якія пражываюць у Беларусі, а таксама грамадзянамі Беларусі, якія маюць сапраўдную візу або від на жыхарства".
Новы пакет санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі ЕС прыняў 29 чэрвеня. У рамках гэтых санкцый ў ліпені Латвія і Літва забаранілі ўезд легкавікоў з беларускімі нумарамі (у Літве дзейнічае адтэрміноўка да 16 жніўня). Аналагічную забарону ўвяла Эстонія.
Офіс Ціханоўскай перадаў прадстаўнікам МЗС Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі прапановы наконт змякчэння гэтых абмежаванняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.