Трое ўкраінцаў, якія ўцяклі ў Беларусь, апынуліся ў Польшчы
На беларуска-ўкраінскай мяжы
Трое ўкраінцаў, якія ўцяклі ў Беларусь ад мабілізацыі ў войска, апынуліся ў Польшчы. Перад гэтым яны як парушальнікі мяжы знаходзіліся ў ізалятары часовага ўтрымання, паведамляе Радыё Свабода.
Сярод згаданых украінскіх грамадзян быў і мужчына, які ў РБ у траўні прыплыў па Дняпры на матрацы. Яго аштрафавалі (была інфармацыя, што на 400 рублёў, але мужчына кажа, што на 800), а матрац канфіскавалі. Сваякі нейкі час не ведалі, дзе ён знаходзіцца. А ўкраінец правёў 10 дзён у ізалятары часовага ўтрымання ў Гомелі. Уражанні ад ІЧУ засталіся "непрыемныя", але там ён сустрэў беларуса, якога затрымалі за палітыку ("за БЧБ") — яму не давалі матрац і будзілі ноччу.
Грамадзяніна Украіны дапытвалі ў гомельскім упраўленні КДБ, там жа ён праходзіў паліграф. А далей адбылося ўсё, як і планаваў — завезлі на мяжу з Польшчай, для перасячэння якой украінскім грамадзянам віза не патрэбная. З ім былі яшчэ два ўкраінцы. Іх павезлі на мяжу, калі сабралася група. За аўтобус украінцы заплацілі каля 1300 рублёў.
Аднаму з украінцаў беларускія памежнікі і прадстаўнікі КДБ казалі, што больш мужчын, якія прыплывуць па Дняпры, у Беларусь не пусцяць. Іх будуць перадаваць украінскаму боку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.