Тур для замежніка ў Мір і Нясвіж падчас чэмпіянату па хакеі — каля 135$

Чэмпіянат свету па хакеі толькі пачынаецца, а каб трапіць на арганізаваны тур па Беларусі кшталту “Мір — Нясвіж”, трэба пастарацца.

У адной з буйных кампаній, якая спецыялізуецца на такіх вандроўках, сказалі, што трапіць у экскурсійны аўтобус па такіх папулярных маршрутах падчас чэмпіянату свету ўжо амаль немагчыма. І толькі праз тыдзень замежнікаў могуць адправіць па беларускіх замках і палацах на аўто. Пакуль жа машыны занятыя іншымі турыстамі.

“Мы даем транспарт і англамоўнага кіроўцу. Экскурсія займае адзін дзень. Прыкладна гэта атрымліваецца 120 еўра для двух-трох чалавек (каля 170$)”, — паведамляюць у турфірме.

У кошт уваходзяць толькі транспартныя паслугі. А ў аўто (свежую “Таёту” ці “Фальксваген”) звычайна садзяць да трох чалавек.

Уваходны квіток у Мірскі замак каштуе 60 тысяч рублёў (каля 6$).

Англамоўная экскурсія — 19$. У Нясвіжскім палацы квіток будзе каштаваць 8$ (хоць яшчэ 7 траўня цана складала 7$). А аўдыёгід — 2$ (у залог просяць пакідаць пашпарт ці пасведчанне кіроўцы).

Рахунак у мірскіх ці нясвіжскіх рэстаранах, заточаных пад турыстаў, на персону звычайна складае 25$.

Такім чынам, калі выязджаць праз турфірму машынай удвох, на чалавека атрымліваецца 135$ (аўто з кіроўцам, уваходныя квіткі, харчаванне, экскурсіі).

Гэты кошт можна скараціць, калі самім узяць аўтамабіль у арэнду. Да чэмпіянату ў Мінску можна было знайсці аўто за 30$ на суткі. Сёння за машыну кшталту “Пежо 206” 2009 года выпуску просяць 45$. Плюс паліва — каля 20$.

“Каб арандаваць у нас аўто, спатрэбіцца пашпарт, пасведчанне кіроўцы, адразу ж аплата за арэнду плюс залог у 200$, які мы вернем, калі атрымаем аўто назад”, — пералічваюць умовы ў адной са сталічных фірмаў, дзе даюць аўто ў арэнду.

Можна ўзяць у арэнду і “свежы” кітайскі аўтамабіль — за 40$ на суткі. У фірме, якая іх дае, з нас папрасілі пасведчанне кіроўцы, пашпарт і… беларускую рэгістрацыю. Ці хаця б квіток на самалёт. Залог — 150$.

Калі разглядаць варыянт з кітайскім арэндным аўто і адмовіцца ад экскурсійнага гіда, то на чалавека атрымаецца каля 70$ (аўто, паліва, харчаванне, уваходныя квіткі).

Канечне, экскурсіі ў Мір і Нясвіж лічацца папсовымі. Але беларус Глеб Лабадзенка, які аб’ехаў больш за 1000 населеных пунктаў у пошуках краязнаўчых цікавостак, усё ж раіць неабазнаным у архітэктуры хакейным заўзятарам наведаць менавіта гэтыя аб’екты.

“Таму што апроч архітэктурных цікавостак для любога турыста важная і інфраструктура. Каб можна было нешта з’есці, абмяняць грошы, магчыма, пераначаваць, — тлумачыць Глеб Лабадзенка. — Бо, напрыклад, у Ружанскім палацы Сапегаў з кавярняй, банкаматам ужо ўзнікаюць праблемы, трэба самому ісці кудысьці ў горад і шукаць. У Косаве, ля палаца Пуслоўскіх (побач нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка), кавярня ёсць, але паўстае пытанне, дзе памяняць грошы, у каго ўзяць інфармацыю. Я б увогуле не раіў замежнікам без мясцовых гідаў сунуцца далей за асноўныя турыстычныя аб’екты, бо можна сутыкнуцца з каласальнымі праблемамі”.

Еўрарадыё: А калі сярод хакейных заўзятараў знойдуцца знаўцы архітэктуры, што цікавага яны могуць у нас пабачыць?

Глеб Лабадзенка: “Безумоўна, варта было б паглядзець драўляныя цэрквы Палесся (XVIIXVIII стагоддзе). Яны ўнікальныя ў еўрапейскім маштабе, ідзе гаворка пра тое, каб іх уключыць у спіс ЮНЕСКА. Безумоўна, варта паглядзець і абарончае дойлідства — храмы-крэпасці. Гэта, напрыклад, сінагога ў Быхаве, мураванка ў Сынкавічах. У нас для ўсіх еўрапейцаў можа паказаць і нешта іхнае. Штосьці будавалі італьянскія архітэктары, штосьці — бельгійскія, французскія, галандскія і гэтак далей”.

Але ж шукаць унікальныя аб’екты без дасведчанага беларускага гіда — рызыкоўна. Уражанні могуць быць сапсаваныя.  Але дзе такога чалавека знайсці?

Існуюць рускамоўныя спісы гідаў з водгукамі аб іх працы. Грунтоўных англамоўных спісаў, на жаль, няма. Толькі ў сацыяльных сетках можна знайсці спецыялізаваныя суполкі экскурсаводаў, якія глыбока вывучаюць асаблівасці беларускай архітэктуры і, верагодна, змогуць дапамагчы замежным гасцям.  

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі