У 2015 годзе Беларусь заплаціць па пазыках 4 мільярды долараў (інфаграфіка)
Абслугоўванне дзяржпазыкі з'яўляецца самым вялікім артыкулам выдаткаў бюджэту, больш чым на міліцыю і ахову здароўя разам узятыя.
"У 2015 годзе — заканчэнне выплат па крэдыце МВФ, прычым, гэта будуць пікавыя у гадавым выражэнні. Плюс, дадаецца пагашэнне першага нашага выпуску еўрааблігацый, якія былі размешчаныя на пяць гадоў у 2010 годзе і сума пагашэння — 1 мільярд долараў", — кажа фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра "Альпары" ў Мінску Вадзім Іосуб.
Сума агульных выдаткаў бюджэту ў 2015 годзе будзе 141 трыльён рублёў. Еўрарадыё падлічвае, колькі працэнтаў ад усіх выдаткаў складае абслугоўванне дзяржпазыкі і сацыяльнай палітыкі і параўноўвае з іншымі гадамі.
Самыя вялікія артыкулы расходаў бюджэту — сацыяльная палітыка і абслугоўванне дзяржпазыкі. Выдаткі на сацыяльную палітыку ў 2015 годзе складуць 9,1% ад усіх расходаў бюджэту, на абслугоўванне дзяржпазыкі пойдзе 9,66%. На нацыянальную абарону ў 2015 годзе накіруюць 5,74%, на органы унутраных спраў — 4,14%, на ахову здароўя — 4,57%.
Для параўнання, у 2011 годзе на сацыяльную палітыку мы трацілі 11% і толькі 6% — на абслугоўванне дзяржпазыкі.
Абслугоўванне знешняй дзяжпазыкі ў 2015 годзе будзе нам каштаваць прыблізна 950 мільёнаў долараў. Але гэта не ўся сума, бо толькі па еўрааблігацыях мы павінны 1 мільярд.
"Значыць, недзе ў іншым месцы бюджэту зарытая гэта сума. Яна абсалютна дакладна прагучала ад Мінфіна, Саўміна і ад розных іншых крыніц я чуў, што ў 2015 годзе 4 мільярды долараў трэба будзе вярнуць. Дзе яны прапісаныя, трэба глядзець у дзвюх вялікіх кнігах, якія раздаюць у парламенце", — мяркуе эканаміст Яраслаў Раманчук.
Абслугоўванне дзяржпазыкі ў даступным праекце бюджэту-2015 — хутчэй за ўсё, толькі выплаты працэнтаў. Асноўную ж суму маглі прапісаць у нейкіх іншых частках бюджэту, ці вынесці, напрыклад, у Банк развіцця, ці Нацбанк.
Заўважым, што абслугоўванне унутранай дзяржпазыкі за пяць гадоў вырастае амаль у 5 разоў: з 0,5% да 2,35%!
"Усё больш і больш дзяржава пачынае выкарыстоўваць такі інструмент, як унутраныя аблігацыі і ў першую чаргу — унутраныя валютныя аблігацыі. Адпаведна, павелічэнне колькасці такіх аблігацый ў абароце прыводзіць да павелічэння пагашэння ўнутранай пазыкі", — тлумачыць Вадзім Іосуб.
Агульная знешняя дзяржпазыка на 1 лістапада 2014 складае 12,9 мільярдаў. Атрымліваецца, што міжнародным фінансавым фондам, іншым краінам і замежным банкам кожны беларус вінен 1 361 долар. У 2015 годзе трэба аддаць 422 долары.