У апазіцыі пачаліся перадвыбарныя праблемы

24 ліпеня скончыўся прыём дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп кандыдатаў у дэпутаты. Але праблемы ў апазіцыі толькі пачынаюцца. Пра тое, якія бываюць нечаканасці падчас перадвыбарных кампаній, Еўрарадыё пацікавілася ў прэтэндэнтаў на дэпутацкія месцы.
Старшыня АГП Анатоль Лябедзька кажа, што складанасці былі пакуль што у Нясвіжскай і Магілёўскай выбарчых акругах. Там у апошні момант прыйшлося мяняць некалькі людзей, якія ўваходзяць у склад ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў ад АДС.

Анатоль Лябедзька: Некалькі людзей прыйшлося ў апошні момант мяняць. Такая сітуацыя была па Нясвіжскай выбарчай акрузе, па Магілёўскай гарадской.

У Лунінецкай выбарчай акрузе №12 улады пазбавіліся ад прэтэндэнта ў кандыдаты Віталя Каратыша вельмі проста – забралі ў войска. Прычым зрабілі гэта максімальна хутка – за два дні. Пра гэта кажа прадстаўнік БНФ у Брэсцкай вобласці Юрась Губарэвіч.

Юрась Губарэвіч: Абсалютна беспрэцэдэнтны выпадак па хуткасці прызыву. Учора яго прывезлі на медкамісію, а сёння ўжо ён мусіць накіравацца ў войска.

Намеснік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч ужо ў чацверты раз балатуецца па Аўтазаводскай акрузе №92. Ён кажа, што на выбарах 2003 года ў акрузе знікла 600 бюлетэняў. Цікава, што гэта было прызнана ў справаздачы выбарчай камісіі. А ў 2004 годзе Янукевіча ўвогуле знялі за дзень да выбараў.

Аляксей Янукевіч: У 2003 годзе па афіцыйных звестках невядома куды знікла 600 бюлетэняў. У 2004 годзе я быў зняты за дзень да выбараў.

Сяргей Салаш, які таксама не першы раз збіраецца балатавацца у Барысаўскай сельскай акрузе, кажа пра несумленнасць чыноўнікаў. У 2003 годзе, каб паменшыць колькасць подпісаў, пададзеных за Салаша, яны абыходзілі тых людзей, якія ўжо падпісаліся. Пад выглядам таго, што трэба праверыць сапраўднасць аўтографаў, людзей прасілі паставіць подпіс на чыстым аркушы. Потым дадрукоўваўся тэкст, у якім чалавек нібыта адмаўляўся ад вылучэння Салаша кандыдатам.

Сяргей Салаш: Некаторыя людзі падпісвалі чысты аркуш, а ў выканкаме дадрукоўваўся тэкст, што чалавек адмаўляецца ад подпісу. Такое было ў 2003 годзе.

Мікола Статкевіч, кіраўнік БСДП «Народная Грамада», узгадаў жарт, які добра адлюстроўваў сітуацыю ў Віцебскай вобласці на перадапошніх выбарах. У той час члены ініцыятыўных груп гублялі працу. А беспрацоўныя прадстаўнікі кандыдатаў, наадварот, маглі ўладкавацца, калі яны пагаджаліся выйсці з складу груп.

Мікола Статкевіч: Хочаш згубіць працу — запішыся ў ініцыятыўную групу. Хочаш знайсці працу — таксама запішыся. Таму што беспрацоўным, якія ўваходзілі ў ініцыятыўную групу, прапаноўвалася праца ў абмен на тое, што яны з групы выйдуць.

Большасць дэмакратычных прэтэндэнтаў упэўненыя, што дойдуць да выбараў, але мяркуюць, што падлік галасоў усё роўна не будзе справядлівым. А як ацэньваюць свае шанцы на перамогу прэтэндэнты ад улады? Гэтае пытанне Еўрарадыё задала Віктару Гумінскаму, намесніку старшыні Камітэта нацыянальнай бяспекі ў Палаце прадстаўнікоў.

Віктар Гумінскі: Нічога я не аценьваю. Усё ацэняць выбары.

На здымку — Мікола Статкевіч.
Фота — "Белорусские новости"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі