У архівах КДБ могуць захоўвацца невядомыя творы расстраляных пісьменнікаў

У архівах КДБ могуць захоўвацца невядомыя творы расстраляных пісьменнікаў

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937-га года ў “амерыканцы” у Мінску расстралялі каля сто літаратараў і дзеячаў культуры.

 

Купала доўгі час жыў з падрыхтаваным да арышту чамаданчыкам.

Даследчык гісторыі беларускай літаратуры і паэт Міхась Скобла можа расказаць пра тыя страшныя часы шмат. Ён з’яўляецца адным з складальнікаў кнігі “Расстраляная літаратура”. Скобла кажа, што арыштоўвалі беларускіх літаратараў у 30-я не толькі дома і ўначы. Нярэдка забіралі пасярод белага дня і з працы. А Уладзіміра Дубоўку арыштавалі ўвогуле ў Крамлі:

“Па-рознаму затрымлівалі. Напрыклад, Уладзіміра Дубоўку затрымалі ў Крамлі. Проста на працоўным месцы. Ён там працаваў перакладчыкам усесаюзных законаў на беларускую мову. Быў такі друкаваны орган у Саўнаркома. І Дубоўку ўзялі проста на працоўным месцы”, — расказвае Скобла.

Ён дадае, што ў той час сярод беларускіх пісьменнікаў быў папулярны такі анекдот: “Сустракаюцца два беларускія пісьменнікі ў Маскве. Адзін толькі з Мінска, другі даўно не быў на Радзіме. Пытаецца ў першага:

— Як вы там жывяце?

— Ну як жывем… Як у трамваі.

— Гэта як?

— Ну, адны ўжо сядзяць. А хто не сядзіць — той трасецца”.

Сярод тых, хто не сядзеў, быў Якуб Колас. Але па ўспамінах яго сына Данілы, свабода паэту давалася нясоладка. Колас доўгі час жыў з падрыхтаваным для арышту чамаданчыкам, у якім трымаў сухары і неабходную вопратку.

 

Суды без адвакатаў

“Ніякіх адвакатаў не было. Яны ўжо пасля вайны з’явіліся, калі было пэўнае пацяпленне. У 30-я гады дзейнічалі гэтак званыя “тройкі”. Асобыя калегіі, якія мелі паўнамоцтвы. Выклікаўся чалавек, яму абвяшчаўся прысуд, і ўсё”, — расказвае Міхась Скобла.

І дадае, што нават пасля вайны для “асабліва небяспечных” прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі адвакаты не заўсёды знаходзіліся. “Ларысу Геніюш, напрыклад, таксама судзілі без адваката ўжо нават і пасля вайны”, — кажа Скобла.

У склад так званых “троек” уваходзілі супрацоўнікі НКВД. Старшынёй пасяджэнняў быў прадстаўнік НКВД, матэрыялы для прыняцця рашэнняў тройкай рыхтавалі супрацоўнікі НКВД, “дакладчык” і “сакратар”.

У архівах КДБ могуць захоўвацца невядомыя творы расстраляных пісьменнікаў
Курапаты. Мяркуецца, што тут могуць быць пахаваныя некаторыя з расстраляных у канцы кастрычніка 1937-га пісменнікаў.

“Паказанням, дадзеным у “амерыканцы” верыць нельга”

Міхась Скобла расказвае, што па тэкстах прызнанняў, якія арыштаваныя літаратары пісалі ў засценках НКВД, часам нельга пазнаць чалавека: “У непрытомным стане чалавек падпісваў усё, што заўгодна. Таму лічу, што стаўленне да гэтых паказанняў, фактычна выбітых і выцягнутых катаваннямі ў падсудных, павінна быць вельмі асцярожным”.

Скобла прыводзіць прыклад Ігната Дварчаніна, доктара філасофіі, які скончыў Карлаў універсітэт у Празе. “Яго паказанні немагчыма чытаць! Піша, што друкаваў контррэвалюцыйныя вершы, пазнаёміўся з контррэвалюцыйнай групоўкай… Там на дзве старонкі толькі гэтых скаротаў “кр”. Доктар філасофіі такога ў здаровым розуме не напіша ніколі… Адразу зразумела, што з ім там рабілі перад тым, як расстраляць”, — мяркуе эксперт.

 

Нас чакае яшчэ шмат сюрпрызаў

Інфармацыя пра суды над беларускімі пісьменнікамі, паэтамі і навукоўцамі доўгі час была закрытай. А падрабязнасці пра іх апошнія месяцы і дні жыцця не вядомыя дагэтуль. Доступ да архіваў КДБ, дзе знаходзяцца справы рэпрэсаваных, быў адкрыты вельмі непрацяглы перыяд на пачатку 90-х. Пазней усё закрылі і цяпер убачыць гэтыя матэрыялы амаль немагчыма, кажа Міхась Скобла: “Доступ да закрытых справаў, якія знаходзяцца ў архіве беларускага КДБ, даследчыкі мелі вельмі кароткі час. Баюся памыліцца, але ўсяго на 2-3 гады. Калі можна было прыйсці ў КДБ, зрабіць заяўку і атрымаць доступ да справаў”.

Скобла таксама кажа, што у закрытых матэрыялах КДБ могуць знаходзіцца таксама і невядомыя нам літаратурныя творы: “Я думаю, там яшчэ вельмі шмат чаго захоўваецца. І шмат яшчэ адкрыццяў нас чакае ў будучыні”.

Пакуль жа мы нават не ведаем дакладна, хто быў расстраляны, хто трапіў у ссылку, дзе пахаваныя пісьменнікі і дзеячы культуры і навукі, якія загінулі ў 1937-м годзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі