У Бабруйску сярод ночы затрымалі траіх чалавек — удзельнікаў акцыі “недармаедаў”
У Бабруйску сярод ночы затрымалі траіх чалавек — удзельнікаў акцыі “недармаедаў”. Апоўначы 11 сакавіка міліцыянты затрымалі кінарэжысэра Максіма Буйніцкага. Пра гэта ён паспеў паведаміць у Фэйсбуку.
Максім Буйніцкі ўдзельнічаў у мітынгу «недармаедаў» 26 лютага, перад тым перапошчваў афішы да мітынгу. Адметна, што ён меў позву ў суд на 12 сакавіка, якраз на дзень наступнага мітынгу.
Як паведамілі Радыё Свабода ў Першамайскім РАУС Бабруйска, Буйніцкі затрыманы за “нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы” і яго будуць судзіць пасля выходных.
Акрамя Буйніцкага ў Бабруйску ўначы былі затрыманыя прынамсі тры чалавекі: Аляксей Раманаў, Максім Лубінскі і Вольга Аўдзейчык.
Максім Лубінскі а трэцяй гадзіне начы датэлефанаваўся да актывісткі АГП Галіны Смірновай і паведаміў пра затрыманне яго і Вольгі Аўдзейчык. Аднак у Першамайскім РАУС пацвердзіць гэтыя затрыманні адмовіліся.