У бальніцы ў Жыткавічах памерла немаўля

Бальніца ў Жыткавічах

Бальніца ў Жыткавічах / ztk-crb.by

У бальніцы ў Жыткавічах памерла немаўля. Дзяўчынцы быў усяго месяц, піша onliner.by.

Сваякі кажуць, што трагічнае здарэнне адбылося 27 жніўня ў педыятрычным аддзяленні Жыткавіцкай раённай бальніцы. Маці дзяўчынкі Саманта гаворыць, што нарадзіла дачку Раяну ў Гомельскай абласной радзільні, і яна "адчувала сябе добра". Раніцай 26 жніўня павезла дзіця ў паліклініку ў Жыткавічах на планавы агляд, але доктар была ў адпачынку. Праз некалькі гадзін, ужо дома, у малой паднялася тэмпература — да 38. Маці выклікала "хуткую". Прыехаў фельчар, агледзеў дачку, зрабіў укол, збіў тэмпературу і параіў ехаць у бальніцу.

У прыёмны пакой Жыткавіцкай раённай бальніцы Раяна паступіла каля 16 гадзін таго ж дня. У яе ўзялі аналізы крыві, пазней быў агляд доктарам. Потым маці з дачкой змясцілі ў палату, доктар прызначыла лячэнне.

Як расказвае Саманта, бліжэй да вечара, гадзін у сем, дзяўчынка стала неспакойнай — плакала. Тэмпература ў яе была 37 градусаў. "Медсястра прынесла ў шпрыцы лекі [тут суразмоўніца кажа пра гарачкапаніжальнае] і сказала уліць у раток малой, — расказвае жанчына. — Я ўліла. Медсястра была побач. Дзяўчынка супакоілася і заснула на нейкі час. Спала ўрыўкамі, а бліжэй да трох гадзін ночы ў яе пачалася істэрыка".

У гэты момант Саманта заўважыла на твары ў дачкі нейкія прышчыкі. Дзяўчынцы зноў далі лекі — маці кажа, што ад алергіі. Але нічога не дапамагала. Пазней прыехаў педыятр, сабраўся кансіліум. Лекары меркавалі, што гэта не алергія, а інфекцыя. Дзіця забралі ў рэанімацыю, а раніцай маці паведамілі, што яе больш няма. У медыцынскім пасведчанні аб смерці ў якасці непасрэднай прычыны смерці пазначана вірусная інфекцыя неўдакладненай этыялогіі.

Маці дзяўчынкі напісала заяву ў Жыткавіцкі раённы аддзел Следчага камітэта. Яна хоча, каб ацанілі дапамогу, аказаную ў бальніцы. Дарэчы, там журналістам пацвердзілі факт смерці дзіцяці і сказалі, што медперсанал зрабіў усё магчымае, каб яго выратаваць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі