У Баранавічах хлопец хацеў зрабіць небяспечнае сэлфі: яго ўдарыла токам
У Баранавічах 21-гадовы хлопец пацярпеў падчас спробы зрабіць эфектнае сэлфі. Як піша газета "Наш край", інцыдэнт адбыўся сёння раніцай на пешаходным мосце з вуліцы Прытыцкага на вуліцу Вільчкоўскага.
Каля 5:00 трое хлопцаў (аднаму 16, другому 18, трэцяму 21 год) вярталіся дадому ды ішлі праз пешаходны мост над чыгуначнымі пуцямі. Найстарэйшы з хлопцаў вырашыў залезці на металічную агароджу і зрабіць сэлфі. Як толькі ён туды залез, яго ўдарыла токам.
Прыяцелі выклікалі хуткую. Хлопца даставілі ў лякарню з апёкамі другой ступені.