У Баранавічах перапісалі пратакол галасавання. Юрыст: “Гэта крымінал”
Старшыня тэрытарыяльнай камісіі Тамара Шукала сцвярджае, што гэткім чынам проста выпраўлялі памылку.
Пра скандал з перапісваннем пратакола ў Фэйсбуку паведамляе баранавіцкі журналіст Макар Маліноўскі. Вечарам у дзень галасавання ён разам з назіральнікамі сачыў за падлікам галасоў на участку №36. Пратакол, падпісаны сябрамі камісіі, сфатаграфаваў. А праз некалькі дзён трапіў у тэрытарыяльную камісію.
“Пайшоў я туды, бо мне трэба было праверыць некаторыя лічбы. Дык я прыйшоў і заадно папрасіў пратаколы. Бо я быў на працэсе падліку на адным з участкаў і там Караткевіч набрала афіцыйна каля 17%”, — расказвае Макар.
Хлопец усяго толькі хацеў паглядзець, колькі Таццяна Караткевіч набрала на іншых участках. Афіцыйныя вынікі галасавання моцна адрозніваліся ад тых 17%, якія апазіцыянерка мела на яго участку.
Старшыня тэрытарыяльнай камісіі Тамара Шукала пратаколы журналісту дае. Той глядзіць, і не верыць вачам — лічбы ў дакуменце з 36-га участка зусім не такія, якімі былі вечарам 11-га кастрычніка. У Караткевіч на 130 галасоў менш, усяго прагаласавала на 118 выбаршчыкаў больш, а вынік Лукашэнкі павялічыўся са 1014 да 1283 галасоў. Макар Маліноўскі тым больш здзіўляецца, што не асабліва верыць і вынікам першага пратакола:
“Не было бачна сапраўднага выніку. Нас не падпускалі да месца, дзе лічылі галасы. Таму магчыма, што нават гэты вынік быў несапраўдным. Але ж усё адно за Караткевіч было 17%. Гэты вынік большы, чым той, што агучылі пасля ў ЦВК”.
У каментарыи парталу tut.by Тамара Шукала назвала сітуацыю “памылкай”. Маўляў, у членаў камісіі участка №36 проста “не сышліся лічбы”. Таму было вырашана пералічыць усе бюлетэні і абнавіць пратакол. Атрымаць больш падрабязны каментарый у Шукалы (якая з’яўляецца членам Савета рэспублікі) не выходзіць — тэрытарыяльная камісія ужо спыніла працу. А ў аддзеле ідэалогіі Баранавіцкага райвыканкама спадарыню Шукала так і не змаглі знайсці — “мабільны не адказвае”, а “ў трох кабінетах яе няма”. Тая ж гісторыя і з іншымі членамі камісіі.
Каментарый юрыста
“Як так магло адбыцца — гэта абсалютна зразумела. Бываюць моманты, калі камісіі падпісваюць чыстыя пратаколы. Ім кажуць: вы падпішыце чысты пратакол, раптам у вас там будуць памылкі. І каб не перарабляць яго, вы падпішыце, і мы самі паправім. Старшыня так кажа звычайна. І людзі, члены камісій, падпісваюць”, — тлумачыць юрыст Сяргей Альфер.
Ён раіць сабраць усе фота пратаколаў (і першай, і другой яго версій) з подпісамі членаў камісій, а потым разам са скаргай і просьбай разабрацца несці ў мясцовую пракуратуру. Бо гэта крымінальнае злачынства (пакаранне — да 5 гадоў пазбаўлення волі). Праўда, дадае, што за ўсе гады незалежнасці ў Беларусі не была распачатая ніводная такая справа.