У Барысаўскім раёне пачнуць фармаваць атрад "народнага апалчэння"
"Народнае апалчэнне" ў Клімавіцкім раёне / rodniva.by
З 20 сакавіка ў Мінскай вобласці распачалася "праверка ўзроўню падрыхтоўкі тэрытарыяльнай абароны". Як паведамляе прэс-служба Мінабароны, будзе ацэньвацца праца "службовых асоб абласнога і Барысаўскага раённага выканаўчых камітэтаў па кіраўніцтву фармаваннем тэрытарыяльных войскаў і выкананнем вучэбна-баявых задач".
На вайсковыя зборы плануецца прызваць з запасу каля 200 чалавек. Сфармаваныя часці тэрытарыяльных войскаў, у прыватнасці, адпрацуюць ахову "аб'ектаў жыццезабеспячэння насельніцтва". Разам з міліцыяй яны будуць трэніравацца ў "падтрыманні ваеннага становішча". У адным з сельсаветаў Барысаўскага раёна адпрацуюць "пытанні фармавання і падрыхтоўкі атрада народнага апалчэння".
Ідэя "народнага апалчэння" была агучана рэжымам Аляксандра Лукашэнкі вясной 2022-га. Улады палічылі, што тэрытарыяльных войскаў замала, таму вырашылі з "надзейных людзей" сфармаваць яшчэ і "самаабарону" ў вёсках. Міністр абароны Віктар Хрэнін у лютым сёлета заявіў, што ў "народнае апалчэнне" могуць увайсці 100-150 тысяч чалавек. Аднак ствараць яго не спяшаюцца. Першы атрад "народнага апалчэння" з'явіўся восенню мінулага года ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.