У Беларусі асуджаны за здзяйсненне генацыду яшчэ адзін памерлы
Абвінаваўчы прысуд агучаны "без прызначэння пакарання"
У Беларусі асуджаны за здзяйсненне генацыду беларускага народа яшчэ адзін памерлы. Гэта ўраджэнец Украіны Канстанцін Смоўскі, які памёр у ЗША ў 1960 годзе. Следствам “устаноўлена 26 эпізодаў ягонай злачыннай дзейнасці ў складзе 118-га ахоўнага батальёна, кіраўніком якога ён з'яўляўся”. Сярод іншага, Смоўскі ўдзельнічаў у карнай аперацыі ў Хатыні.
Абвінаваўчы прысуд агучаны "без прызначэння пакарання".
Дзяржабвінаваўца Святаслаў Вялікі кажа, што падобныя справы і прысуды патрэбныя для таго, "каб падтрымліваць гістарычную памяць".
Пра тое, што ў Беларусі пачнуцца завочныя суды не толькі над жывымі, але і над памерлымі, генпракурор Андрэй Швед заявіў у канцы зімы 2023-га. Паводле яго слоў, судзіць збіраюцца катаў, якія пазбеглі адказнасці — нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых. Бальшавіцкіх катаў судзіць не будуць — камуністычныя злачынствы ў Беларусі не расследуюцца.
Былі ўнесены змены ў заканадаўства, і ўжо ў сакавіку 2024-га вынеслі першы прысуд па такой справе. Вінаватым у генацыдзе прызналі памерлага грамадзяніна Канады Уладзіміра Катрука. Ніякага пакарання таксама не выносілі.
Яшчэ адзін нябожчык, якога будуць судзіць у Беларусі, — Сымон Серафіновіч. Падчас Другой сусветнай вайны ён камандаваў паліцыяй у Міры, памёр у Вялікабрытаніі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.