У Беларусі будуць па-новаму фінансаваць дзіцячыя садкі
Фота TUT.by
14 кастрычніка Саўмін зацвердзіў пілотны праект "Аб апрабацыі нарматыўнага фінансавання ва ўстановах дашкольнай адукацыі". Дакумент 16 кастрычніка апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт партале.
Эксперыментальны праект паспрабуюць рэалізаваць у Баранавічах, Магілёве, Віцебску, Гомелі, Салігорскім раёне, Гродзенскай вобласці і ў Першамайскім раёне Мінска.
У рамках праекта на дзіцячыя садкі будуць выдаткоўваць розныя сумы з бюджэту. Усё залежыць ад колькасці дзяцей, часу навучання і іншых характарыстык. Будзе ўлічвацца патрэба ў грошах на набыццё маёмасці, рамонт, камунальныя паслугі.
У пастанове Савет Міністраў зацвердзіў "базавы нарматыў" на адно дзіця на 2020 год. Напрыклад 2.277,97 рубля ў год на дзіцячыя сады ў гарадах і пасёлках гарадскога тыпу, 2839,87 рубля ў год у сельскіх населеных пунктах.
Таксама ўводзяцца карэкціруючыя каэфіцыенты. Да прыкладу, калі дзеці знаходзяцца ў садку 10,5, а не 12 гадзін, базавы нарматыў памнажаецца на 1,144, а калі і зусім 24 гадзіны - на 1,441. Калі дзіця мае асаблівасці псіхафізічнага развіцця і вучыцца ў спецыяльнай групе, базавы каэфіцыент памнажаецца на 1,525. Калі ён вучыцца ў групе інтэграванага навучання - на 0,836, а калі наведвае карэкцыйна-педагагічны пункт - 0,21.
Для садкоў у сельскай мясцовасці ўводзяцца невялікія папраўкі ў залежнасці ад таго, у якой вобласці ўстанова: больш дадуць у Віцебскай вобласці (1,024), Магілёўскай (1,006) і Гродзенскай (1,011), у астатніх - менш.
Мясцовыя саветы дэпутатаў могуць павялічыць аб'ём фінансавання пры наяўнасці крыніц кампенсацыі выдаткаў. У пастанове адзначаецца, што рэкамендацыі па колькасці работнікаў, якія вызначае Мінадукацыі, для эксперыментальных садоў маюць рэкамендацыйны характар. Адказнымі за рэалізацыю і маніторынг эксперыменту стануць аблвыканкамы і Мінгарвыканкам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.