У Беларусі гарэла чарговае дрэваапрацоўчае прадпрыемства, якое мадэрнізуюць

Праводзіць мадэрнізацыю на беларускіх дрэваапрацоўчых прадпрыемствах перашкаджаюць… пажары. Першы адбыўся 18 снежня мінулага года на “Барысаўдрэве”. Гарэў акурат фанерны цэх, дзе праводзілі рэканструкцыю. 7-га студзеня трывогу аб’явілі ўжо на бабруйскім “Фандоку”, які крытыкуюць за нізкія тэмпы мадэрнізацыі. Відавочца паведаміў у сацыяльных сетках пра тое, што гарэлі так званыя “ніжнія склады”.



На самім прадпрыемстве Еўрарадыё пацвердзілі, што пажар сапраўды быў. А намеснік начальніка бабруйскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксей Іваноў распавёў падрабязнасці:



“У будынку, які быў закансерваваны, 6-га студзеня зваршчык праводзіў газарэзальныя работы. Прыбіралі металічную лесвіцу. Месца не было неабходным чынам падрыхтаванае для гэтых работ. Хутчэй за ўсё іскры трапілі на ўцяпляльнік, які ляжаў паміж паверхамі. Гэты матэрыял мае ўласцівасць не гарэць, а тлець. А раніцай наступнага дня здарылася задымленне. Пажар не быў моцным. У дадзены момант па факце здарэння праводзіцца праверка”.



Паводле афіцыйнай інфармацыі, пажар на “Фандоку” не закрануў аб’екты, на якіх праводзіцца мадэрнізацыя.



Фота — bobruisk.ru
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі