У Беларусі стала 353 палітвязні

У Беларусі стала 353 палітвязні

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 11 чалавек, узятых пад варту, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна". 

Гэта Канстанцін Свідуновіч, Сяргей Канановіч, Сяргей Пярфільеў, Даніла Ганчароў, якім выстаўленыя абвінавачанні паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса ("Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак"). Лідзію Коршун у дадатак да арт. 342 вінавацяць па арт. 369. Таксама палітвязнямі прызнаныя Андрэй Мацук, Аляксандр Лапух, Сімон Канцэвіч, Філіп Канцэвіч, Мікалай Малюта, Андрэй Грышчук, якіх вінавацяць па ч. 2 арт. 293 КК ("Масавыя беспарадкі").

Праваабаронцы лічаць, што гэтыя людзі трапілі пад палітычны пераслед "у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь".

Яны патрабуюць вызваліць згаданых палітвязняў і спыніць іх пераслед. Таксама праваабаронцы заклікаюць неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама людзей, затрыманых за мірныя сходы ў поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў Беларусі.

Пад зваротам падпісаліся праваабарончы цэнтр "Вясна" (зачынены ўладамі), РГА "Прававая ініцыятыва”, "Ініцыятыва FORB", кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Х'юман Канстанта", Беларускі ПЭН-цэнтр, РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт", цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі