У Беларусі сёння выпускныя — атэстаты атрымліваюць 55,4 тыс школьнікаў
У Беларусі сёння праходзяць выпускныя вечарыны ў 11-класнікаў. Сёлета атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі атрыіліваюць 55,4 тысячы школьнікаў. Святочныя вечарыны, паводле рэкамендацыі Міністэрства адукацыі, ладзяцца ў школах, а не па-за іх тэрыторыяй.
Чыноўнікі тлумачаць гэта меркаваннямі бяспекі, якой можна датрымацца менавіта ў будынках школ. Калі ж выпускнікі вырашаць сабрацца ў іншым месцы, адказнасць за гэта будуць несці кіраўнікі навучальных установаў, а не самі школьнікі і іх бацькі.
У дзень выпускных як звычайна абмежаваны продаж алкаголю: з 8:00 8 чэрвеня па 8:00 9 чэрвеня яго нельга набыць у крамах і ў шапіках.
Праз тры дні пачынаюцца выпрабаванні ў межах цэнтралізаванага тэставання. Першае ЦТ прызначанае на 11 чэрвеня — гэта беларуская мова.