У Беларусі загінуў салдат-спецназавец
Як мяркуецца, салдат служыў у Мар'інай Горцы ў элітнай брыгадзе спецназу.
Пра трагічнае здарэнне ў адной з вайсковых часцей стала вядома 8 чэрвеня. Як паведамляла Еўрарадыё, салдат тэрміновай службы загінуў ад удару токам.
Як інфармуе TUT.BY па словах сваякоў загінулага, салдат папраўляў электраправодку, калі адбылося замыканне. Хлопец быў не адзін — разам з двума іншымі хлопцамі. Калі адбылося замыканне, таварышы паспелі выбегчы з памяшкання, а ён зачапіўся за провад шчакой. Ток прайшоў праз усё цела салдата, кажуць сваякі.
Паводле неафіцыйных звестак, салдат загінуў у Мар'інай Горцы ў элітнай брыгадзе спецназу. Сваякі распавялі, што малады чалавек яшчэ не прыняў прысягу. Ён павінен быў служыць у іншай мясцовасці, а ў Мар'іну Горку прыбыў пераводам. Раней тут служыў старэйшы брат салдата, які добра адгукаўся пра гэта падраздзяленне войска і раіў служыць тут.
У Мінабароны гэтую інфармацыю не камэнтуюць — прынамсі, да заканчэння следчых дзеянняў.
Фота — bymedia.net