У Белгародскай вобласці Расіі зноў ідуць баі
Байцы Рускага добраахвотніцкага корпуса / t.me/russvolcorps/
У Мінабароны Расіі заявілі, што была "спроба ўварвання" ў Белгародскую вобласць з тэрыторыі Украіны. 1 чэрвеня ішлі баі на мяжы. Расіяне сцвярджаюць, што адбілі тры атакі "дыверсантаў", якія мелі падтрымку бронетэхнікі, і "ніякага прарыву... няма". А якая там сітуацыя насамрэч, пакуль дакладна невядома. Ёсць звесткі, што "прарыў" атрымаўся.
Раніцай у чацвер пра чарговую аперацыю на тэрыторыі РФ заявілі прадстаўнікі Рускага добраахвотніцкага корпуса і легіёна "Свабода Расіі". Пад абстрэлам знаходзіцца раённы цэнтр Шабекіна Белгародскай вобласці РФ. РДК сцвярджае, што артылерыя нанесла ўдар па будынку МУС. Расійскія добраахвотнікі заклікаюць расійскіх вайскоўцаў, якія спрабуюць спыніць іх каля Шабекіна, здавацца ў палон. Такім чынам яны пацвярджаюць, што сустрэлі супраціўленне. Легіён "Свабода Расіі" паведамляе пра знішчаную вайсковую тэхніку ў Белгародскай вобласці.
У Шабекіна няма вады і электрычнасці, абстрэламі пашкоджаныя некалькі будынкаў, у тым ліку і гарадская адміністрацыя. Мясцовыя жыхары на аўтамабілях спрабуюць выязджаць на ўсход.
Рускія добраахотнікі заяўляюць, што змагаюцца супраць рэжыму Пуціна. Папярэдняя іх аперацыя ў Белгародскай вобласці Расіі адбылася 22 траўня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.