У Бешанковічах былі шпіталізаваны 13 дзяцей, 7 з іх яшчэ ў бальніцы
Мясцовыя ўлады ў Бешанковічах па-ранейшаму заяўляюць, што масавага атручвання вадаправоднай вадой не было. Аварыя ў вадаправодных сетках здарылася ў ноч з 29 на 30 сакавіка — жыхары мікрараёна па Маладзёжнай вуліцы пачалі скардзіцца на спецыфічны пах вады. Яе для іх сталі прывозіць у цыстэрнах.
31 сакавіка ў раённай бальніцы паведамілі пра 6 шпіталізаваных дзяцей, іх стан быў здавальняючы. 1 красавіка мясцовая газета "Зара" піша пра 17 шпіталізаваных з прыкметамі атручвання, з іх 13 дзяцей. 7 чалавек (6 дзяцей і 1 дарослага) з гэтай колькасці ўжо выпісалі.
Паколькі станцыя абезжалезвання вады "Маладзёжная" часова спынена, усе Бешанковічы абслугоўвае станцыя "Паўднёвая". З-за вялікай нагрузкі на яе вада ў дамы мясцовых жыхароў паступае імаверна з прымешкамі жалеза. Спецыялісты кажуць, што яна адпавядае патрабаванням па мікрабіялагічных паказчыках, але пакуль не рэкамендуюць яе піць. Таму і сёння арганізаваны падвоз вады ў цыстэрнах. Рашэнне аб аднаўленні працы "Маладзёжнай" можа быць прынята ў бліжэйшы час па выніках праведзеных даследаванняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.