У блогера канфіскавалі камп'ютар за ролік пра дом чыноўніка
17 жніўня міліцыя з санкцыі пракурора агледзела кватэру светлагорскага грамадскага актывіста Генадзя Жулегі.
6 жніўня ён зняў відэа пра дом старшыні Светлагорскага райвыканкаму і размясціў яго на старонках у сацыяльных сетках. Пасля гэтага нехта размясціў ролік на некалькіх інфармацыйных сайтах, паведамляе БелаПАН.
Жулега і раней здымаў ролікі пра жыццё ў райцэнтры, нявырашаных сацыяльных праблемах горада. Ролікам пра дом старшыні райвыканкаму блогер хацеў паказаць, што ў горадзе ёсць грошы на вырашэнне гэтых праблемаў, але іх трацяць на жыллё для чыноўнікаў.
Міліцыянты патлумачылі, што жонка чыноўніка напісала заяву, нібыта ролік у інтэрнэце зневажае гонар і годнасць яе сям’і, а інфармацыя на відэа носіць паклёпніцкі характар. Аднак Генадзь Жулега лічыць, што заведама ілжывай інфармацыі ў роліку няма.
Паводле папярэдніх звестак, крымінальную справу на блогера не заводзілі і не складалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Міліцыянты паведамілі Жулегу, што яго кампутар будуць правяраць, а пасля вырашаць наконт прыцягнення яго да адказнасці.