У Брэсце назіральнікі і члены камісіі знаходзіліся ў розных памяшканнях
У Брэсце назіральнікі і члены ўчастковай выбарчай камісіі знаходзіліся ў розных памяшканнях. Пра гэта Еўрарадыё распавёў назіральнік выбарчага участку № 35 Маскоўскага раёну Брэста Уладзімір Ясковіч. Участак месціцца ў сярэдняй школе № 10. Па словах Ясковіча, увесь перыяд датэрміновага галасавання ён разам з калегамі меў магчымасць назіраць за працай камісіі выключна праз адкрытыя дзвяры, але поўнай карціны таго, што адбывалася, у суседнім пакоі, не бачыў.
Ясковіч: "Назіральнікі знаходзіліся фактычна на школьным калідоры, а ўчастковая камісія — ў навучальным пакоі. Мы былі пазбаўлены магчымасці назіраць, як працуе гэтая камісія ў дні папярэдняга галасавання. Гэта недапушчальна! Зноў будуць пытанні, бо я не магу сказаць, што там не адбылося нечага такога, што не магло паўпрываць на вынікі выбараў".
Назіральнікі пісалі скаргі з-за непразрыстасці працэсу галасавання, аднак пазітыўных вынікаў гэта не прынесла. Участковая камісія патлумачыла такія ўмовы тым, што ў школе не знайшлося іншых памяшканняў, галасаванне ў якіх не зашкодзіла б навучальнаму працэсу.
Уладзімір Ясковіч працягвае, што ў дзень выбараў сітуацыя ўсё ж такі змянілася. У выходны, калі ў школе няма заняткаў, назіральнікі і члены камісіі працавалі ў адным памяшканні.
Ясковіч: "Сёння ўсё добра праходзіць — для нас акурат ёсць усе ўмовы. Не ведаем, як там будзе далей падчас падлікаў галасоў".
Дарэчы, яўка датэрміновага галасавання на гэтым участку склала 24%.
Фота: БЕЛТА