У Брэсце затрымалі дваіх актыўных удзельнікаў “сустрэчаў недармаедаў”
У Брэсце затрымалі дваіх актыўных удзельнікаў “сустрэчаў недармаедаў” — несанкцыянаваных акцыяў, якія праходзілі ў горадзе 19 і 26 лютага. Як паведаміў Еўрарадыё праваабаронца Раман Кісляк, у пятніцу ў абед была затрыманая Наталля Папкова — яе даставілі ў псіхіятрычны стацыянар абласнога псіханеўралагічнага дыспансера.
Андрэя Шарэнду затрымалі ўвечары 3 сакавіка і даставілі ў Ленінскі РАУС. Па інфармацыі праваабаронцы, актывіст застаецца ў пастарунку і сёння. Раман Кісляк мяркуе, што ўдзельнікаў “сустрэчаў недармаедаў” наўмысна затрымалі перад выходнымі, каб не дапусціць іх з’яўленне на новых акцыях.
У апошнія два тыдні па рэгіёнах Беларусі ў выходныя адбываюцца акцыі пратэсту супраць дэкрэту №3, вядомага як “дэкрэт аб дармаедах”. У Брэсце такія акцыі праходзілі двойчы і 5 сакавіка плануецца чарговы “марш недармаедаў”.
Непасрэдна падчас падзеі міліцыя нікога не затрымлівала.