У Брэсце затрымалі п'янага кіроўцу рэйсавага аўтобуса
У Брэсце даішнікі затрымалі п'янага кіроўцу рэйсавага аўтобуса (2,6 праміле). Здарэнне адбылося 24 траўня. Як паведамляе прэс-служба ДАІ Брэсцкай вобласці, каля 00.15 гадзін у аператыўна-дзяжурную службу Дзяржаўтаінспекцыі паступіла паведамленне аб тым, што па вуліцы Дуброўскай рухаецца гарадскі аўтобус, кіроўца якога знаходзіцца ў стане алкагольнага ап'янення. Ужо праз 5 хвілін аўтобус быў спынены супрацоўнікамі ДАІ і Дэпартаменту аховы. У салоне ў гэты момант знаходзіліся каля 30 пасажыраў.
У дачыненні да 51-гадовага кіроўцы былі складзены два адміністрацыйныя пратаколы (ч.1 арт. 18.16 і арт.18.18 КоАП РБ). Аўтобус быў дастаўлены на штрафстаянку. Мужчыне пагражае штраф у памеры ад 50 да 100 базавых велічынь (ад 10 млн 500 тысяч да 21 млн рублёў) і пазбаўленне правоў кіроўцы тэрмінам на тры гады.