У Бярозе затрымалі відавочцу затрымання
Затрыманне ў Бярозе
У Бярозе пад аблаву сілавікоў трапіў пабочны чалавек, піша BGmedia. ⠀
Хапун адбыўся напрыканцы лютага — на пачатку сакавіка. Тады паведамлялася пра затрыманне дзевяці чалавек за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе.
Адно з затрыманняў адбылося ў краме аўтазапчастак 28 лютага. Сілавікі затрымалі не толькі супрацоўніка крамы, але і наведвальніка, абвінаваціўшы яго ў супраціве.
Паводле ГУБАЗіК, яны затрымлівалі супрацоўніка крамы па ч.1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Відэа з затрымання яны пазней выклалі ў сваім тг-канале. Наведнік крамы, па словах сілавікоў, заступаў ім шлях да выхаду, хапаў іх за рукі і не рэагаваў на заўвагі.
1 сакавіка яго справу разгледзеў суд Бярозаўскага раёна. Мужчына паведаміў, што ў той дзень зранку прыехаў у краму, каб купіць запчастку. Раптам уварваліся сілавікі, сказалі легчы ўсім на падлогу. Мужчына падпарадкаваўся ім і не супраціўляўся.
Аднак суддзя паверыў дакументам ГУБАЗіК і прысудзіў затрыманаму сем сутак адміністрацыйнага арышту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.