У дачыненні мінчука, які адбіраў зброю ў міліцыі, пачалі крымінальную справу
У дачыненні мінчука, які 1 кастрычніка ў кватэры па вуліцы Паўліны Мядзёлкі хацеў адабраць зброю ў міліцыянера, распачалі крымінальную справу. Артыкул — "гвалт у дачыненні супрацоўніка органаў унутраных спраў". "Праводзяцца неадкладныя следчыя дзеянні", — напісала ў Facebook афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова.
Пра гэтае здарэнне ў аўторак паведаміла сталічная міліцыя. Паводле яе версіі, суседзі выклікалі міліцыю — у кватэры была шумная кампанія, якая выкідвала ў вокны бутэлькі. Міліцыянеры пабачылі ў кватэры пяць мужчын і дзве жанчыны (праваахоўнікі сцвярджаюць, што раней яны прыцягваліся да крымінальнай адказнасці) і хацелі высветліць іх асобы. Аднак грамадзяне "пачалі паводзіць сябе агрэсіўна і правакаваць бойку", на папярэджанні не рэагавалі. А адзін з мужчын збіраўся адабраць зброю. Міліцыянер зрабіў папераджальныя стрэлы, а пасля параніў мінчука ў нагу.
Былі затрыманыя 7 чалавек, шасцёра з іх знаходзяцца ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Паранены ў левую галёнку мужчына — у бальніцы.