У другой палове тыдня ў Беларусь вернецца па-летняму цёплае надвор'е

У другой палове тыдня ў Беларусь пачне паступаць цёплае паветра з Міжземнамор'я і ў нашу краіну вернецца па-летняму цёплае надвор'е. Як паведамляе Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя, у аўторак, 21 ліпеня, чакаецца пераважна без ападкаў, толькі месцамі па поўначы кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра ў начныя гадзіны складзе ад 10 градусаў вышэй за нуль да плюс 15 цяпла, у дзённыя гадзіны — ад плюс 19 па паўночным усходзе да плюс 26 па паўднёвым захадзе краіны, інфармуе БелаПАН.

22 ліпеня месцамі прагназуюцца кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Тэмпература паветра ноччу будзе плюс 10-17 (на Брэстчыне — да плюс 19), днём — ад плюс 19 да плюс 26 градусаў (на поўдні Беларусі да плюс 28 цяпла).

У чацвер, 23 ліпеня, ноччу пераважна без ападкаў, днём месцамі кароткачасовыя дажджы, навальніцы, пры навальніцах узмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с. Тэмпература паветра ноччу ад плюс 9 да плюс 15, па паўднёвым захадзе да плюс 17, днём плюс 21-28°С, па поўдні плюс 29-32.

У пятніцу ноччу на большай частцы тэрыторыі, днём месцамі па краіне кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах навальніцы. Тэмпература паветра ноччу плюс 13-20, днём ад плюс 20 да плюс 27, па паўднёвым усходзе плюс 28-32°С.

У суботу і нядзелю месцамі кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Тэмпература паветра ноччу плюс 9-15, па паўднёвым усходзе да плюс 18, днём плюс 20-27 (на Гомельшчыне — 28-33 цяпла).


Фота: ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі