У Еўрасаюзе ўсё часцей нападаюць на мусульман
Абаронцы правоў мусульман скардзяцца на пасіўнасць палітыкаў. А спецслужбы ЕС думаюць, што рабіць з еўрапейскімі баевікамі, якія ваююць у Сірыі.
Прадстаўнікі арганізацый, якія змагаюцца супраць ісламафобіі, б’юць трывогу: усё часцей і часцей мусульмане ў Еўропе зазнаюць гвалт. На старонках выдання Euobserver прадстаўнік “Аб’яднання супраць ісламафобіі ў Францыі” Марван Мухамад разам з іншымі абаронцамі правоў мусульман піша, што часцей за ўсё ахвярамі нападаў становяцца жанчыны:
“У Францыі ў 2012 годзе 85% антымусульманскіх інцыдэнтаў былі скіраваныя супраць жанчын, у іншых краінах лічбы падобныя. У Вялікабрытаніі значна павялічыўся гвалт супраць мусульман пасля забойства ў Вулвічы (прыгарад Лондана, дзе быў забіты вайсковец. — заўв. Еўрарадыё). Разам з тым НДА Tell Mama зафіксавала 12 інцыдэнтаў штотыдзень з сакавіка 2012 па сакавік 2013 года”.
Абаронцы правоў мусульман задаюцца пытаннем: хто вінаваты ў тым, што мусульмане пакутуюць? На іх думку, часта палітыкі “маўчаць замест таго, каб праявіць волю для абароны асноўных правоў чалавека”.
Тым часам насцярожанасць палітыкаў да мусульман таксама можна зразумець. Бо яны самі ствараюць пэўную тэрарыстычную пагрозу для Еўропы. Асабліва, калі ўлічыць, што некалькі соцень з іх ваююць у Сірыі ў атрадах радыкальных ісламістаў. Ды яшчэ калісьці ж яны вернуцца ў свае краіны — толькі будуць ужо больш радыкальнымі і з досведам баявых дзеянняў. Ацаніць дакладнае размеркаванне заходніх баевікоў у Сірыі складана, але The New York Times спрабуе іх падлічыць:
“Кіраўнікі аддзелаў па барацьбе з тэрарызмам і разведкі кажуць, што ў Сірыі знаходзіцца каля 140 французскіх грамадзянаў, 100 брытанцаў, 75 іспанцаў, 60 немцаў, а таксама некалькі дзясяткаў канадцаў і аўстралійцаў. Ёсць таксама байцы з Аўстрыі, Бельгіі, Даніі, Фінляндыі, Нарвегіі, Швецыі і Нідэрландаў”.
Каардынатар па барацьбе з тэрарызмам ЕС Жыль дэ Кершоў кажа, што Еўропа сутыкнулася з сітуацыяй, якой ніколі не было раней. Паводле The New York Times, спецслужбы еўрапейскіх краін спрабуюць не дазволіць патэнцыйным баевікам выезд у Сірыю. Але за тымі, хто ўсё ж такі трапіў на фронт, а пасля вярнуўся, вядзецца сачэнне. Бо такія людзі, напрыклад, могуць быць патэнцыйнымі выканаўцамі тэрактаў.
І, магчыма, гвалт супраць мусульманак у Еўропе і ваенныя навыкі мусульман у Сірыі ніяк не звязаныя. Але гэтыя дзве з’явы толькі пацвярджаюць “мусульманскую праблему” ў Еўропе, з якой рана ці позна палітыкам прыйдзецца разбірацца. Пытанне толькі — якім метадам: бізуна, павялічваючы кантроль над радыкаламі, альбо перніка — праз прызнанне ісламафобіі, як прапануюць абаронцы правоў мусульман. І гэта дазволіць палепшыць умовы жыцця мусульманскіх абшчын.
Фота: theatlantic.com