У Глыбокім журналіста і яго дзяцей назвалі "злачынцамі"
Зміцер Лупач
У Глыбокім журналіста і яго дзяцей назвалі "злачынцамі". Здымкі Змітра Лупача, яго сына Валянціна і дачкі Кацярыны з'явіліся на інфармацыйным стэндзе каля мясцовага РАУС, дзе размяшчаюць абвесткі пра тых, каго шукае міліцыя. На гэтай улётцы ёсць і асобны спіс пад назвай "Злачынцы", хаця суду над пераважнай большасцю гэтых асоб не было і іх вінаватасць у нейкіх злачынствах не даказаная, піша БАЖ.
Пра Змітра Лупача паведамляецца, што ён "схаваўся ад следства". Пра тое, што яго вінавацяць у "садзеянні экстрэмізму", журналіст не ведаў. Лупач быў вымушаны з'яхаць за мяжу пасля шматлікіх выпадкаў пераследу за супрацоўніцтва з незалежнымі СМІ. З'ехалі і двое дзяцей. Пра сына напісана, што ён нібыта ўхіляецца ад прызыву ў войска, а дачка "хаваецца ад следства" па справе пра ўдзел у пратэстах.
Старэйшая дачка Змітра Лупача Святлана асуджаная за ўдзел у пратэстах і знаходзіцца ў гомельскай ПК № 4. Беларускія праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай.
У снежні 2023 года сілавікі правялі ператрусы ў кватэры Змітра Лупача ў Глыбокім, а таксама ў вясковай хаце, якая дасталася яму ў спадчыну.
У глыбоцкі "спіс злачынцаў" трапіла і Людміла Барэйка, якая прыдумала лозунг "Стоп таракан". На яе ў РБ распачалі "спецвытворчасць", бо жанчына таксама была вымушаная з’ехаць за мяжу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.