У Гомелі малое дзіця стаяла ў акне на балконе 9-га паверха (відэа)
У Гомелі 5-гадовая дзяўчынка стаяла ў адчыненым акне на балконе 9-га паверха. На месца прыехалі ратавальнікі. Адзін з іх наладзіў кантакт з дзіцём праз зачыненыя ўваходныя металічныя дзверы і яна адышла ад акна. У гэты момант іншы ратавальнік па пажарнай аўталесвіцы патрапіў праз акно ў кватэру.
Як інфармуе прэс-служба МНС, дзяўчынка ў кватэры была адна. Пасля высветлілася, што яе маці папрасіла паглядзець за дзецьмі (акрамя дзяўчынкі ў сям'і гадуецца 9-гадовы хлопчык) сваю старэйшую сястру, але той трэба было кудысьці пайсці па справах. Хлопчык вырашыў пайсці пагуляць, і дзяўчынка засталася адна. Ратавальнікі дачакаліся прыходу маці. Цяпер з сітуацыяй у сям'і будуць разбірацца праваахоўнікі.