У Гомелі нецвярозы кіроўца збіў вазок з дзіцём і паспрабаваў збегчы
У Гомелі міліцыянт дагнаў і затрымаў п'янага кіроўцу, які на пешаходным пераходзе збіў вазок з дзіцём. ДТЗ адбылося ў непрацоўны час. Дзмітрый Кудравец не патруляваў вуліцы абласнога цэнтра, а проста ехаў па сваіх справах — і стаў выпадковым сведкам здарэння.
Каля пешаходнага пераходу на вуліцы Багдана Хмяльніцкага міліцыянт спыніўся, каб прапусціць жанчыну з вазком. У гэты час па сустрэчцы ехаў аўтамабіль Chevrolet Niva. Не змяншаючы хуткасць, ён выляцеў на пераход і збіў вазок з дзіцем.
Кіроўца "Шэўрале" паспрабаваў уцячы, але супрацоўнік міліцыі развярнуўся, дагнаў парушальніка і вымусіў яго спыніцца, прыціснуўшы да збочыны.
"Я паспрабаваў даведацца, дзе ў такі ранні час у яго атрымалася столькі выпіць, але мужчына толькі злаваўся і патрабаваў адпусціць яго, — распавядае міліцыянт. — Супраціву ён не аказваў, але не аднойчы спрабаваў збегчы".
Жанчына з дзесяцімесячнай дачкой знаходзілася ў шокавым стане. Пацярпелых забрала "хуткая", але пасля некалькіх гадзінаў у лякарні дактары адпусцілі іх дадому.