У Гомельскім раёне на паляванні загінуў мужчына — яго падстрэліў сваяк

Паляўнічы думаў, што страляе ў лася / ілюстрацыйнае фота huntland.ru
Паляўнічы думаў, што страляе ў лася / ілюстрацыйнае фота huntland.ru

Малады мужчына загінуў у мінулую суботу на паляванні ў Гомельскім раёне. Яму было 33 гады, у яго засталося двое дзяцей.  Пра інцыдэнт расказвае гомельская міліцыя.

Мужчына пагадзіўся падвезці сваяка, які напярэдадні выпіў і не рызыкнуў садзіцца за руль. Сваяк планаваў разам з іншымі паляўнічымі ўдзельнічаць у загонным паляванні на лася. Да пачатку ён спазняўся, ператэлефанаваў егеру і папярэдзіў, што будзе пазней.  Калі ж яны прыехалі да месца палявання, кіламетра за паўтара паляўнічы "пачуў, што сабакі сталі на след жывёлы". Ён вырашыў пайсці ў напрамку шуму, а куму спачатку сказаў ехаць следам, а потым загадаў спыніцца і чакаць. Сам жа пайшоў далей на брэх сабак. Кіроўца тым часам вырашыў прайсціся па лесе.

"Неўзабаве паляўнічыя пачулі чатыры стрэлы, а крыху пазней адзін з іх знайшоў у лесе труп чалавека з агнястрэльным раненнем у шыю", — кажуць у міліцыі. Егер сабраў усіх удзельнікаў палявання, але з іх ніхто не страляў. Высветлілася, што страляў той, хто спазніўся. Мужчына расказаў, што пачуў шум у лесе і варушэнне кустоў — падумаў, што гэта жывёліна, і разрадзіў стрэльбу, потым перазарадзіўся і стрэліў яшчэ два разы. Адна з куль аказалася смяротнай.

У дачыненні да мужчыны распачатая крымінальная справа па факце прычынення смерці па неасцярожнасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі