У Гродна могуць пачаць лятаць еўрапейскія лоўкосты
Кампанія "Белаэранавігацыя", якой належыць гродзенскі аэрапорт, вядзе перамовы з лоўкостамі. Пра гэта паведамляе tut.by са спасылкай на намесніка міністра транспарту і камунікацый Аляксея Ляхновіча.
"Гэты аэрапорт мы разглядаем як набліжаны да Вільні, каб трохі "перабіць" пасажырапаток, які ад нас з'язджае туды", — патлумачыў чыноўнік матывы такіх перамоваў.
Па яго словах, ідуць перамовы з AirBaltic. Таксама аэрапорт спрабуе дамовіцца з іншымі авіякампаніямі: напрыклад, ужо падпісаныя пратаколы аб намерах з польскімі кампаніямі.
Калі гродзенскі аэрапорт плануюць зрабіць пляцоўкай для лоўкостаў, дык брэсцкі, згодна з планамі, можа спецыялізавацца на палётах у Польшчу і Расію. Падарожнікі ў Польшчу маглі б не стаяць у чэргах на мяжы, а падарожнікі ў Расію маглі б вылецець у Маскву ці Санкт-Пецярбург без заезду ў Мінск.
Паводле інфармацыі Мінтранса, летась абласныя аэрапорты абслужылі каля 75 тысяч пасажыраў, сёлета ў іх планах абазначаная лічба ў сто тысяч.