У Гродне мужчына пасварыўся з сяброўкай, задушыў яе, а затым учыніў пажар

Каб схаваць сляды злачынства, мужчына ўчыніў пажар / sk.gov.by
Каб схаваць сляды злачынства, мужчына ўчыніў пажар / sk.gov.by

Гродзенскія следчыя завяршылі расследаванне крымінальнай справы аб забойстве мясцовай жыхаркі. Яе цела знайшлі ў абгарэлай кватэры пасля таго, як патушылі пажар. Забойства і пажар здарыліся ў лютым 2021 года.

Жанчыне было 44 гады. Яе задушылі, гэта высветлілі судэксперты.

Падазрэнне ўпала на 36-гадовага сужыцеля жанчыны, расказалі ў Следчым камітэце. Да трагедыі яны разам пражылі шэсць гадоў. Мужчына расказаў следчым, што ў той вечар 12 лютага яны выпівалі, пасварыліся і ён не стрымаўся — задушыў сяброўку, а потым вырашыў схаваць сляды злачынства і ўчыніў пажар.

"Затрыманы таксама дадаў, што пасля гэтага ён пайшоў у іншы пакой, дапіў пакінуты алкаголь, а затым узяў сваю куртку і сышоў", — прыводзяць падрабязнасці ў СК.

Мужчыну адправілі на судова-псіхіятрычную экспертызу. Эксперты вынеслі заключэнне: у момант злачынства фігурант быў здольны ўсведамляць свае дзеянні і кіраваць імі. Раней да крымінальнай адказнасці мужчына не прыцягваўся. Па выніках гэтага эпізоду яму інкрымінуюць два артыкулы КК: забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю (п. 6 ч. 2 арт. 139) і наўмыснае знішчэнне і пашкоджанне чужой маёмасці, учыненыя агульнанебяспечным спосабам (ч. 2 арт. 218).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі