У Гродне прайшла акцыя супраць п'яных кіроўцаў
У падтрымку цвярозасці аўтааматары мераліся джыпамі, ганялі на піт-байках і квадрацыклах, а таксама елі піражкі на хуткасць.
Мясцовыя аўтаклубы 8 лютага правялі масавую акцыю “Come together — супраць алкаголю за рулём”. Да заходу сонца арганізатары прапанавалі гасцям акцыі разнастайную праграму — ад армрэстлінгу да катання на “п'яным” ровары, які імітаваў ап'яненне ў 2-3 праміле. Самыя актыўныя скакалі ў мяшках, кідалі дроцікі і звязвалі адзін аднаго.
Па словах аднаго з арганізатараў мерапрыемства, дырэктара крамы аўтазапчастак Андрэя Вялісейчыка, гэта першая акцыя ў гэтым годзе. Аўтаклуб “Red Line City” падтрымаў ініцыятыву крамы правесці акцыю супраць ваджэння ў п'яным стане.
“Мэта акцыі — узняць пытанне аб смяротнасці за рулём па віне п'яных кіроўцаў, а таксама ДТЗ з удзелам п'яных кіроўцаў і пешаходаў. Гэтай праблемай акрамя ДАІ заклапочаныя і простыя аўтааматары, якія падтрымліваюць цвярозае кіраванне. Таксама мы хацелі паказаць, што такія святы можа праводзіць не толькі дзяржава. І вельмі б хацелася, каб людзі на іх адгукаліся”.
У 2014 годзе серыю акцый пад дэвізам “Come together” працягне флэш-моб, запланаваны на 8 сакавіка. У гэты дзень арганізатары павіншуюць не толькі пешаходаў і мінакоў, але і кіроўцаў, якія саступаюць ім дарогу.
Паводле звестак ДАІ Гродзенскай вобласці, у 2013 годзе кожная пятая ахвяра ДТЗ рэгіёну загінула з-за п'янага кіроўцы. Усяго ў 2013 годзе на дарогах загінула 86 чалавек, а ў 2012 — 107.