У Хойніках п'яны кіроўца без правоў супраціўляўся супрацоўнікам ДАІ
У адносінах 44-гадовага мужчыны распачалі крымінальную справу.
У Хойніках распачалі крымінальную справу ў адносінах мясцовага жыхара, які аказваў супраціўленне супрацоўнікам органаў унутраных спраў пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку. Здарэнне адбылося яшчэ 8 траўня. Супрацоўнікі ДАІ хацелі праверыць дакументы ў кіроўцы аўтамабіля "Аўдзі 90", але ён выйшаў з машыны і не рэагаваў на патрабаванні. Паводле знешніх прыкмет, ён быў у стане алкагольнага ап'янення. На дапамогу прыехалі чацвёра супрацоўнікаў аддзела Дэпартамента аховы. Мужчына супраціўляўся, хапаў праваахоўнікаў за форму, нецэнзурна лаяўся.
Нават пасля таго, як яго рукі скавалі ў кайданкі, ён аказваў супраціўленне, адмаўляўся сесці ў службовы аўтамабіль. У Хойніцкім РАУС на затрыманага склалі адміністрацыйныя пратаколы за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення, без права кіравання, за непрышпілены падчас руху рамень. Само парушэнне было зафіксавана відэарэгістратарам аўтамабіля ДАІ.
Днямі была распачатая і крымінальная справа. 44-гадоваму мужчыне пагражае вялікі штраф ці папраўчыя працы на тэрмін да 2 гадоў, ці арышт на тэрмін да 6 месяцаў, ці абмежаванне волі — да 3 гадоў, альбо пазбаўленне волі на тэрмін да 2 гадоў, інфармуе прэс-служба міліцыі Гомельскай вобласці.
Здымак з архіву. Фота: Fotolia