У Каардынацыйнай радзе адрэагавалі на скандал у ЕГУ
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт
Дзве камісіі Каардынацыйнай рады — па справах студэнцтва і па адукацыі, навуцы і грамадскай думцы — выступілі з сумеснай заявай з нагоды харасмента ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце.
Нагадаем, пасля заявы студэнтак аб сэксуальных дамаганнях мастака і выкладчыка ЕГУ Сяргея Сялецкага была адменена яго выстава ў прасторы CreateCulture Space ў Вільні. Пазней на скандал адрэагавалі і ў ЕГУ — Сялецкага часова адхілілі ад працы.
У сумеснай заяве камісій гаворыцца, што "харасмент як сацыяльная з'ява недапушчальны". Але ў той жа час адзначаецца, што "прадузятасць розных крыніц інфармацыі дае падставу для сумневаў у шчырасці пазіцый кожнага з іх, таму сітуацыя з’яўляецца ўсё яшчэ неадназначнай для беларускай грамадскасці, а развіццё падзеяў не вядзе да разумення таго, што сапраўды адбылося". Такім чынам напружанасць захоўваецца і пакідае глебу для паўтарэння небяспечнай сітуацыі. Таму камісіі КР звяртаюцца да адміністрацыі ЕГУ з просьбай правесці незалежнае расследаванне з абавязковым прыцягненнем усіх зацікаўленых бакоў. Акрамя таго, Камісія па справах студэнцтва гатовая прыняць удзел у стварэнні спецыяльнай этычнай групы. Аўтары заявы звярнуліся таксама да сведкаў магчымых іншых выпадкаў харасмента і папрасілі іх не маўчаць.
У цяперашні час у сітуацыі спрабуе разабрацца спецыяльная камісія па этыцы. Першае пасяджэнне адбылося 9 кастрычніка. У ЕГУ паабяцалі, што "камісія будзе цалкам незалежнай ад структур і асоб універсітэта, што гарантуе як ананімнасць, так і аб'ектыўнасць працэсу".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.