У Калінінградзе заявілі пра праблемы з пастаўкамі грузаў праз Беларусь
У Калінінградзе заявілі пра праблемы з пастаўкамі грузаў праз Беларусь. Гэта звязана з чэргамі грузавікоў на межах краін ЕС і нашай краіны.
"На жаль, сітуацыя вельмі ўскладнілася, — цытуе словы губернатара Калінінградскай вобласці Антона Аліханава ria.ru. — Узніклі чэргі на беларуска-літоўскай мяжы, а гэта тая мяжа, па якой ідзе дарога ў наш бок".
Па словах Аліханава, транспартнікі вырашылі аператыўна змяніць маршрут і павезлі грузы ў Калінінград у аб'езд — праз Латвію. "І гэта стварыла праблему яшчэ і там, цяпер там нават больш загружана, чым на мяжы Літва — Беларусь", — кажа губернатар. Праводзяцца кансультацыі ўладаў Калінінградскай вобласці РФ з расійскім МЗС, з пасольствамі ў Беларусі, Польшчы і Літве.
Чэргі грузавікоў на мяжы Беларусі і краін ЕС сталі павялічвацца на фоне міграцыйнага крызісу. Польшча вымушана была закрыць адзін з аўтадарожных пунктаў пропуску (Кузніца — Брузгі), праз які спрабавалі прарвацца мігранты. Да таго ж існуе праблема кантрабанды з Беларусі цыгарэт — мытнікі краін ЕС больш часу трацяць на праверку грузаў.
Раніцай 21 снежня на выезд з Беларусі ў Латвію ў двух пунктах пропуску стаялі больш за тысячу грузавікоў, яшчэ больш — у Літву і Польшчу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.