У кнігарнях Гродна з продажу знялі раман Джорджа Оруэла "1984"
У гродзенскіх кнігарнях знялі з продажу раман-антыўтопію Джорджа Оруэла "1984", піша ТГ-канал hrodnalike. Гэтую інфармацыю журналістам пацвердзілі ў кнігарнях "Раніца" і "Праметэй".
У прыватныя кнігарні такое распараджэнне не паступала, расказалі ў кнігарні OZ.
Раней з'явілася інфармацыя, што ўлады загадалі да 19 траўня прыбраць з продажу ў кнігарнях раман Оруэла. Найстарэйшая беларуская газета, абвешчаная экстрэмісцкай, паведаміла, што мае копію адпаведнага дакумента.
Журналістам іншага інфармацыйнага парталу ў мінскіх кнігарнях не пацвердзілі наяўнасць такой забароны. Аднак у сталічнай кнігарні "Светач" сказалі, што калі такі загад з'явіцца, то выканаць яго можна будзе вельмі хутка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.