У Кобрынскім раёне хлопец патануў у дзень свайго 25-годдзя

У Кобрынскім раёне хлопец патануў у дзень свайго 25-годдзя

Жыхар Кобрынскага раёна патануў у дзень свайго 25-годдзя. Трагічны выпадак адбыўся 25 ліпеня каля 16.00 на возеры Любань. Хлопец разам з кампаніяй сяброў зладзіў на беразе возера пікнік з нагоды сваіх народзінаў. Пасля спажывання спіртнога ўдзельнікі застолля вырашылі асвяжыцца і пайшлі ў ваду, а калі вярнуліся на бераг, то не далічыліся імянінніка.

Сябры самі дасталі яго цела з вады, зрабілі штучнае дыханне, але безвынікова. Пасля выклікалі міліцыю і хуткую, якая толькі і змагла канстатаваць смерць.

У той жа дзень пры падобных абставінах загінуў 47-гадовы жыхар Баранавічаў, а ў Пружанскім раёне 28 ліпеня вадалазы знайшлі цела 58-гадовага тапельца, жыхара вёскі Аранчыцы. У вёсцы Грыневічы 49-гадовы мужчына патануў у супрацьпажарным вадаёме. Абедзве ахвяры вады перад гібеллю купаліся ў забароненых месцах і спажывалі спіртныя напоі.

Таксама праводзіцца праверка па факце смерці 77-гадовага жыхара Маларыцкага раёна — цела пенсіянера, які не вярнуўся з рыбалкі, знайшлі ў меліяратыўным канале.

Як паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Брэсцкі АСВОД, з пачатку года ў вобласці патанула 48 чалавек.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі