У Купалаўскім тэатры ў Мінску сёння прэм'ера спектакля "Пан Тадэвуш"
Сцэнічную версію паэмы Адама Міцкевіча ўпершыню ставяць на галоўнай драматычнай сцэне нашай краіны.
БЕЛТА адзначае, што разам з рэжысёрам Мікалаем Пінігіным над пастаноўкай працавалі мастак-пастаноўшчык Зіновій Марголін, мастак па касцюмах Алена Ігруша і кампазітар Андрэй Зубрыч. Быў выкарыстаны пераклад паэмы "Пан Тадэвуш" з польскай на беларускую мову Язэпа Семяжона.
"Гэта наш першы вялікі праект пасля рэканструкцыі, — кажа Мікалай Пінігін. — У Беларусі ніхто раней не ставіў "Пана Тадэвуша"... Для мяне гэта найперш асветніцкая праца. Лічу, што трэба вяртаць гледача да нашай гісторыі, тлумачыць, чаму Міцкевіч называе сваю краіну Літвой".
Прэм'ерныя паказы таксама адбудуцца 16 і 17 студзеня.
Фота — БЕЛТА