У Літве сказалі, як да іх трапіў экс-міліцыянт, які ўдзельнічаў у рэпрэсіях

Арвідас Анушаўскас 

Арвідас Анушаўскас  / ELTA

Былы маёр міліцыі Аляксандр Маціевіч атрымаў дазвол на пражыванне і працу ў Літве, бо не спрацавал сістэма кантролю. Так патлумачыў сітуацыю міністр нацыянальнай абароны Літвы Арвідас Анушаўскас.

"Я не ведаю, чаму гэтая сістэма кантролю не спрацавала. У любым выпадку гэта павінна было спрацаваць, таму што ў свой час фіксавалася, хто ўдзельнічае ў пераследзе грамадзян у Беларусі, каб не выдаваць ім візы і ўключыць у гэтыя спісы людзей, якія падпадаюць пад санкцыі", — перадае delfi.lt словы Анушаўскаса.

Ён не выключае нядбайнасць работнікаў структуры або адсутнасць звестак пра канкрэтна гэтага чалавека. Па словах Анушаўскаса, калі звестак пра канкрэтнага чалавека ў базе няма, яму аўтаматычна выдаецца дазвол, бо цяпер у Літве працуюць 100 тысяч замежных грамадзян.

"Але гэта не вызваляе нашыя ўстановы ад абавязку прымаць усе меры для таго, каб такія персанажы, якія вызначыліся парушэннямі правоў чалавека, пераследамі і збіццём людзей, не аказваліся ў Літве", — дадае ён.

Як распавядала Еўрарадыё, аб'яднанне былых сілавікоў BELPOL апублікавала звесткі пра былога маёра міліцыі з Ліды Аляксандра Маціевіча, які ўдзельнічаў у рэпрэсіях у 2020-м. Яны выявілі, што мужчына больш за год разам з сям'ёй афіцыйна жыве і працуе ў Вільні. Пасля розгаласу ў СМІ Маціевіч вярнуўся ў Беларусь, а літоўскія ўлады пазбавілі яго віду на жыхарства.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі