У Лынтупах на пажары загінуў 45-гадовы выратавальнік
У гарадскім пасёлку Лынтупы, што ў Пастаўскім раёне, падчас тушэння пажару загінуў камандзір выратавальнага аддзялення МНС.
Паводле інфармацыі сайта ведамства, у ноч на 3 жніўня ў пасёлку загарэўся нежылы дом. Пажарныя прыехалі на выклік пасля 3:00.
Калі агонь тушылі, на 45-гадовага камандзіра аддзялення абрынуліся дах і сцяна будынка. Яго калега разам з мясцовымі жыхарамі дастаў мужчыну з-пад завалу, аднак той ужо быў мёртвы, паведамляе Следчы камітэт.
Цяпер следчыя высвятляюць прычыну ўзгарання і акалічнасці гібелі супрацоўніка МНС.