У Маскве на рэпетыцыі парада заглух танк найноўшага пакалення (відэа)
Танк "Армата" прастаяў на месцы да канца ўсёй рэпетыцыі.
7 траўня ў Маскве прайшла генеральная рэпетыцыя парада Перамогі. Падчас яе заглух танк новага пакалення "Армата", перадае РБК.
Танк спыніўся ў той момант, калі знаходзіўся насупраць Маўзалея. Да яго пад'ехала спецтэхніка з тросамі, аднак да канца рэпетыцыі танк так і не быў адбуксіраваны.
Напрыканцы рэпетыцыі дыктар назваў спыненне танка запланаваным. Па яго словах, так была прадэманстраваная эвакуацыя ваеннай тэхнікі.
Танк "Армата" — адзін з найноўшых узораў расійскай ваеннай тэхнікі. Толькі 4 траўня Мінабароны Расіі ўпершыню апублікавала яго фатаграфію са знятай маскіроўкай.
Танк "Армата" (Т-14) мае незаселеную вежу, якая кіруецца дыстанцыйна. Усе чальцы экіпажа абароненыя дадатковай браніраванай капсулай, убудаванай ўсярэдзіне танка.
Фота — rbc.ru