У Маскве загінула ўнучка Мікіты Хрушчова
У Маскве загінула ўнучка Мікіты Хрушчова Юлія. 77-гадовая жанчына трапіла пад электрычку з Унукава. Здарэнне адбылося на станцыі “Сонечная” Кіеўскага накірунку Маскоўскай чыгункі, інфармуе РІА “Новости”.
Юлія Хрушчова нарадзілася ў 1940 годзе. Яна — дачка Леаніда, сына савецкага партыйнага і дзяржаўнага дзеяча Мікіты Хрушчова. У 1943 годзе лётчык Леанід Хрушчоў знік без вестак падчас выканання баявога задання. Пасля гэтага яго бацька ўдачарыў дзяўчынку.
Мікіта Хрушчоў (1894 — 1971) кіраваў Савецкім Саюзам у 1953-1964 гадах. Менавіта ён на ХХ з’ездзе КПСС асудзіў “культ асобы” Сталіна, пры ім цела савецкага дыктатара вынеслі з маўзалея. Пры гэтым сам Хрушчоў меў непасрэднае дачыненне да масавых рэпрэсій. У 1964 годзе яго адхілілі ад улады.