У Мастоўскім раёне ў рацэ патануў трактар. Знайшлі целы двух чалавек
11 снежня міліцыянтам Мастоўскага РАУС паведамілі, што ў рацэ Шчара паміж вёскамі Дварок і Макары знойдзены трактар "Т-40" з прычэпам. Трактар належаў жыхару вёскі Курылавічы гэтага ж раёна.
Выявілася, што напярэдадні гаспадар перадаў трактар у часовае карыстанне 57-гадоваму жыхару вёскі Макары, які мае пасведчанне трактарыста. Грамадзяне бачылі, як гэты мужчына паехаў на трактары з вёскі Дварок, адзначае прэс-служба Следчага камітэта.
Следча-аператыўна група па слядах шын аднавіла маршрут, якім трактар ехаў да ракі. Агляд месца здарэння праваахоўнікі працягнулі раніцай 12 снежня з удзелам работнікаў Мастоўскай ратавальнай станцыі РДГА "ОСВОД". Менавіта ратавальнікі і знайшлі ў вадзе мёртвага мужчыну, які напярэдадні кіраваў трактарам.
Таксама праваахоўнікі атрымалі звесткі, што можа быць яшчэ адна ахвяра — 52-гадовы аднавясковец загінулага трактарыста. Ратавальнікі працягнулі пошукі і знайшлі цела другога мужчыны ў балоцістай мясцовасці недалёка ад вёскі Макары.
Трактар і прычэп былі паднятыя з вады пры дапамозе спецыяльнай тэхнікі.
Праверкай па гэтым факце займаецца Мастоўскі раённы аддзел Следчага камітэта.
Прычыны смерці вяскоўцаў і магчымую наяўнасць алкаголю ў іх крыві высвятляе ўпраўленне Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гродзенскай вобласці.