У Мазыры чатыры чалавекі атруціліся чадным газам
У Мазыры чатыры чалавекі, як мяркуецца, атруціліся чадным газам. Здарэнне адбылося ў другой палове дня 13 лістапада. У Мазырскую гарадскую бальніцу шпіталізавалі пацярпелых — дваіх дзяцей, 6 і 14 гадоў, іх маці і фельчара хуткай меддапамогі, які прыбыў на выклік і таксама адчуў галавакружэнне і недамаганне.
Як паведаміў БелаПАН галоўны ўрач Мазырскай гарадской бальніцы Сяргей Ганковіч, раніцай у панядзелак, 14 лістапада, дарослых перавялі ў тэрапеўтычнае аддзяленне, а дзяцей — у дзіцячую бальніцу. Ва ўсіх пацярпелых стан здавальняючы, іх жыццю нічога не пагражае.
Адзначаецца, што адбылося атручэнне невядомым газам, а якім менавіта — высветляць спецыялісты. Але ў "Мазырміжрайгазе" ўжо цяпер кажуць, што атручэнне адбылося ад чаднага газу, які сабраўся ад таго, што ў доме сумешчаныя дымавы і вентыляцыйны каналы. Верагодна, парушэнне было дапушчанае пры будаўніцтве. На месцы здарэння працуюць спецыялісты, якія правяраюць усе каналы, калонкі і іншае абсталяванне.