У Міністэрстве аховы здароўя Беларусі пацвердзілі затрыманне 35 урачоў-артапедаў

Генеральны пракурор Андрэй Швед, старшыня КДБ Іван Церцель і міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч перад пачаткам сустрэчы / БЕЛТА
Генеральны пракурор Андрэй Швед, старшыня КДБ Іван Церцель і міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч перад пачаткам сустрэчы / БЕЛТА

У Беларусі затрыманыя 35 артапедаў-траўматолагаў, пацвердзілі ў Міністэрстве аховы здароўя краіны. Раней пра масавае затрыманне урачоў-спецыялістаў пісалі незалежныя СМІ.

Лёс затрыманых урачоў абмяркоўваюць у панядзелак у Аляксандра Лукашэнкі. На сустрэчу запрошаныя генеральны пракурор Андрэй Швед, старшыня КДБ Іван Церцель і міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. Заяўленая тэма сустрэчы — барацьба з карупцыяй у медыцынскай галіне.

Паводле слоў Лукашэнкі, 35 затрыманых лекараў — "гэта не ўсе тыя, хто павінен там з імі побач сядзець".

БЕЛТА паведамляе, што ў справе аб атрыманні хабару або ўхіленні ад выплаты сум падаткаў "больш за 60 фігурантаў". Гэтыя людзі, па словах сілавікоў, "шматкроць атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за аказанне садзейнічання ў пастаўцы медабсталявання і медыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах".

З нагоды новай справы БЕЛТА узгадвае прозвішча былога дырэктара РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Аляксандра Бялецкага. Яго затрымалі ў 2018 годзе за хабар і асудзілі на 7,5 гадоў калоніі. У лекара знайшлі каля паўмільёна даляраў. Але пазней суд вярнуў Бялецкаму яго грошы, а сам ён мінулым летам выйшаў на волю. За кратамі ён правёў тры гады.

Пасля таго, як стала вядома пра затрыманне артапедаў, журналісты беларускага навінавага партала абтэлефанавалі клінікі і пацікавіліся ходам профільных аперацый.  У 11-й гарадской бальніцы Мінска, якая, як мяркуецца, страціла двух артапедаў, платныя аперацыі па пратэзаванні суставаў прыпыненыя. У Мінскай абласной бальніцы аперацыі па-ранейшаму робяць, але трапіць да двух загадчыкаў артапедычных аддзяленняў ужо нельга. Адзін "у адпачынку на нявызначаны тэрмін". Другога на працоўным месцы таксама няма і не будзе. Апытаўшы калег і спецыялістаў, рэсурс тады выказаў здагадку, што затрыманне траўматолагаў можа быць звязанае з пастаўкамі эндапратэзаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі