У Мінск прыбылі ўсе ўдзельнікі кантактнай групы па Украіне
Украіну прадстаўляе яе былы прэзідэнт Леанід Кучма.
У Мінск прыбылі прадстаўнік Украіны Леанід Кучма, спецыяльны прадстаўнік АБСЕ Адэльхейд Тальявіні і амбасадар Расіі ва Украіне Міхаіл Зурабаў. Раней у Нацыянальны аэрапорт Мінск прыбылі прадстаўнікі самаабвешчаных рэспублік: "ДНР" — Дзяніс Пушылін, ЛНР — Уладзіслаў Дэйнега, перадае БЕЛТА.
У аэрапорце Пушылін паведаміў журналістам, што з'явілася інфармацыя пра падпісанне ўкраінскім прэзідэнтам Пятром Парашэнкам указа аб прызначэнні Леаніда Кучмы паўнамоцным прадстаўніком Украіны на перамовах.
"Хоць ён не з'яўляецца прадстаўніком улады, а з'яўляецца прыватнай асобай, што здымае з яго якую-небудзь адказнасць, калі дамоўленасці будуць сарваныя, тым не менш, мы чакаем афіцыйнай публікацыі. Калі такі ўказ сапраўды з'явіцца ў прэсе або мы ўбачым яго на свае вочы, гэта пакідае надзею на разважлівасць Кіева", — перадае БелаПАН словы Пушыліна.
Фота — pravmir.ru