У Мінску аблілі зялёнкай работніка аднаго з банкаў
Затрыманы жыхар Мінскага раёна
У Мінску аблілі зялёнкай работніка аднаго з банкаў. Зламысніка затрымалі. Высветлілася, што 23-гадовы жыхар Мінскага раёна стаў ахвярай крэдытных аферыстаў.
Затрыманы распавёў, што некалькі дзён таму яму патэлефанавалі невядомыя ў мэсэнджары і прадставіліся супрацоўнікамі Нацбанка і Следчага камітэта. Яны паведамілі, быццам злачынцы аформілі на яго імя крэдыт, а каб іх рассакрэціць, яму самому неабходна паўдзельнічаць у "спецаперацыі". Мінская міліцыя адзначае, што зламыснікі выкарысталі "псіхалагічнае ўздзеянне і маніпуляцыі", і прымусілі мужчыну прытрымлівацца іх інструкцый.
Малады чалавек узяў крэдыты і перавёў на чужы рахунак каля 15 тысяч рублёў. Пасля гэтага зламыснікі загадалі абліць "нядобрасумленнага супрацоўніка" банка зялёнкай і тым самым "даць сігнал да затрымання". Абяцалі, што "яму за гэта нічога не будзе". Насамрэч затрымалі яго. Міліцыя праводзіць праверку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.