У Мінску арыштаваныя актывісты з Санкт-Пецярбурга
Іх затрымалі ў суботу, 25 кастрычніка, днём без тлумачэння прычынаў.
Як паведамляе праваабарончы сайт "Вясна", затрыманыя грамадскія актывісты з расійскага Санкт-Пецярбурга — Андрэй Федаркоў і Іван Салаўёў. Разам з імі затрыманы таксама і мінчук.
Па словах праваабаронцаў, актывістаў груба, з прымяненнем спецсродкаў, затрымалі супрацоўнікі спецслужбаў на прыпынку грамадскага транспарту на Партызанскім праспекце. Іх звінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы і непадпарадкаванні патрабаванням супрацоўнікам міліцыі.
У Заводскім РУУС на іх склалі пратаколы адміністратыўных правапарушэнняў. Два дні да суда яны знаходзіліся ў пастарунку.
27 кастрычніка суддзя Заводскага раёна Восіпчык асудзіла беларускага актывіста на 10 сутак, а гасцей з Расіі — на 3 сутак кожнага.
Праваабаронцы мяркуюць, што жыхароў Расіі сёння прымусова дэпартуюць з Беларусі і забароняць на пэўны час уезд у краіну.
Фота — charter97.org